ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,
вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял. кн. ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс. чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс. чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.
Літ.:
Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;
Stryjkowski М. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;
Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;
Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;
Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
Ю.М.Бохан.
т. 5, с. 463